ПАДЗЕ́МНАЯ ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ВУ́ГАЛЮ,

метад ператварэння каменных і бурых вуглёў у гаручыя газы непасрэдна ў зямных нетрах. Ажыццяўляюць пад уздзеяннем высокай т-ры (1000—2000 °C) і акісляльніку (паветра, кісларод, вадзяная пара) у свідравінах для падвядзення акісляльніку (выдзімання) і адвядзення газу, што ўтвараецца. Свідравіны, размешчаныя ў пэўным парадку, утвараюць т.зв. падземны газагенератар, у якім адбываюцца тыя ж хім. рэакцыі, што і ў звычайных газагенератарах (гл. Газіфікацыя паліва). Ідэю П.г.в. выказаў у 1888 Дз.І.Мендзялееў. Распрацоўка і ўкараненне тэхн. рашэнняў П.г.в. пачаты ў СССР у 1930-я г. Работы па П.г.в. праводзяцца ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. краінах.

Літ.:

Подземная газификация угольных пластов. М., 1982.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)